Ініцыятыўная група беларускіх навукоўцаў і пэдагогаў праводзіць навукова-практычную канфэрэнцыю „Беларуская мова і мовазнаўства: стан, выклікі, практычныя захады“. Канфэрэнцыя пройдзе 28-29 чэрвеня ва Ўніверсытэце ў Беластоку ў супрацы з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку.
Задачай канфэрэнцыі з'яўляецца маніторынг сытуацыі і патрэбаў беларускага мовазнаўства, выкладаньня і папулярызацыі беларускае мовы ў сучасных умовах
Фармат удзелу: зьмяшаны (офлайн / онлайн). Плянуюцца пленарнае паседжаньне, праца ў сэкцыях, пленарнае падсумаваньне.
Асноўныя тэмы:
- Беларуская мова: актуальная сацыялінгвістычная сытуацыя, прагноз, стратэгія, інструмэнтар моўнай палітыкі
- Беларускае мовазнаўства: актуальны стан, выклікі і пагрозы, праблема захаваньня пераемнасьці, яе прыярытэтныя кірункі
- Нарматыўныя крыніцы беларускае літаратурнае мовы ў актуальных умовах
- Выкладаньне беларускае мовы дзецям і дарослым новай беларускай дыяспары і беларускай нацыянальнай меншыні: праўныя падставы, матывацыя, мэтадычныя прынцыпы
- Канкрэтызацыя кірункаў працы плянаванага Інстытуту беларускае мовы — грамадзкай структуры навукова-практычнага і адукацыйнага профілю
У канцы канфэрэнцыі пройдзе грамадзкая нарада аб стварэньні Інстытуту беларускае мовы — грамадзкай структуры навукова-практычнага і адукацыйнага профілю. Калі Вы зацікаўлены паўдзельнічаць таксама ў нарадзе, паведаміце, калі ласка.
Атрымаць дадатковую інфармацыю можна праз электронную пошту: mounajakanf@gmail.com
Аргкамітэт па правядзеньні канфэрэнцыі